Доўгатэрміновая віза (тып D) 

Дакументамі візавай падтрымкі для выдачы доўгатэрміновай візы з’яўляюцца:

♦ для дзелавой паездкі:

хадайніцтва аб выдачы візы, аформленае юрыдычнай асобай;

дакументы юрыдычнай асобы Рэспублікі Беларусь (у тым ліку ўстаноўчыя), якія пацвярджаюць, што іншаземец з’яўляецца заснавальнікам камерцыйнай арганізацыі ў Рэспубліцы Беларусь або працаўніком іншаземнай арганізацыі, якія заснавала камерцыйную арганізацыю ў Рэспубліцы Беларусь;

зварот замежнай нацыянальнай асацыяцыі міжнародных аўтамабільных перавозчыкаў або іншага адпаведнага органа аб выдачы візы, які ўтрымлівае звесткі аб іншаземцу і запатрабаванай візе, або дакументы, якія пацвярджаюць выкананне перавозак, – для выдачы візы члену экіпажа аўтатранспартнага сродку, які ажыццяўляе міжнародныя аўтамабільныя перавозкі пасажыраў або грузаў;

зварот замежнай нацыянальнай арганізацыі чыгуначнага транспарту або чыгуначнай арганізацыі (кампаніі), які ўтрымлівае звесткі аб іншаземцу і запатрабаванай візе, – для выдачы візы члену паязной, рэфрыжэратарнай або лакаматыўнай брыгады;

хадайніцтва аб выдачы візы, аформленае прадстаўніцтвам іншаземнай арганізацыі ў Рэспубліцы Беларусь, – для выдачы віз кіраўнікам і супрацоўнікам гэтага прадстаўніцтва, прадстаўніцтваў гэтай замежнай арганізацыі ў трэціх краінах або заснавальнікам, кіраўнікам і працаўнікам іншаземнага прадпрыемства (арганізацыі), якое адкрыла дадзенае прадстаўніцтва;

зварот (вербальная нота) дыпламатычнага прадстаўніцтва ці консульскай установы замежнай дзяржавы, прадстаўніцтва або органа міжнароднай арганізацыі ці міждзяржаўнага ўтварэння ў Рэспубліцы Беларусь, які змяшчае звесткі пра іншаземца і запытаную візу, – для выдачы ўязной візы іншаземцу, за якім Рэспубліка Беларусь не прызнае дыпламатычны ці службовы статус і які накіроўваецца ў Рэспубліку Беларусь для правядзення прац, аказання паслуг у такім дыпламатычным прадстаўніцтве ці консульскай установе замежнай дзяржавы, прадстаўніцтве або органе міжнароднай арганізацыі ці міждзяржаўнага ўтварэння;

♦ для ўдзелу ў спартыўных, культурных, навуковых, адукацыйных імпрэзах і стажыроўках:

хадайніцтва аб выдачы візы, аформленае юрыдычнай асобай;

зварот (вербальная нота) дыпламатычнага прадстаўніцтва ці консульскай установы замежнай дзяржавы, прадстаўніцтва або органа міжнароднай арганізацыі ці міждзяржаўнага ўтварэння ў Рэспубліцы Беларусь, які змяшчае звесткі пра іншаземца і запытаную візу, – для выдачы ўязной візы ўдзельніку імпрэзы, арганізаванай такім дыпламатычным прадстаўніцтвам ці консульскай установай замежнай дзяржавы, прадстаўніцтвам або органам міжнародных арганізацый ці міждзяржаўных утварэнняў;

♦ у выпадку рэалізацыі гуманітарных праграм, у тым ліку прадастаўлення замежнай бязвыплатнай дапамогі, арганізацыі аздараўлення дзяцей, выканання працы на бязвыплатных падставах:

хадайніцтва аб выдачы візы, аформленае Дэпартаментам па гуманітарнай дзейнасці Кіраўніцтва справамі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь;

хадайніцтва аб выдачы візы, аформленае беларускай гуманітарнай арганізацыяй, узгодненае з Дэпартаментам па гуманітарнай дзейнасці Кіраўніцтва справамі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь або з іншымі упаўнаважанымі заканадаўчымі актамі Рэспублікі Беларусь дзяржаўнымі органамі. Узгадненне робіцца ў форме ліста Дэпартамента па гуманітарнай дзейнасці Кіраўніцтва справамі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь або адпаведнага упаўнаважанага дзяржаўнага органа Рэспублікі Беларусь або грыфа ўзгаднення на хадайніцтве, засведчанага пячаткай Дэпартамента па гуманітарнай дзейнасці Кіраўніцтва справамі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь або адпаведнага упаўнаважанага дзяржаўнага органа Рэспублікі Беларусь;

♦ для падтрымання рэлігійных сувязяў:

хадайніцтва аб выдачы візы, аформленае рэлігійным аб’яднанням, узгодненае з Упаўнаважаным па справах рэлігій і нацыянальнасцяў. Узгадненне робіцца ў форме ліста Упаўнаважанага па справах рэлігій і нацыянальнасцяў або грыфа ўзгаднення на хадайніцтве, засведчанага пячаткай Упаўнаважанага па справах рэлігій і нацыянальнасцяў;

♦ у выпадку журналісцкай дзейнасці:

паведамленне аб пастаяннай акрэдытацыі ў Рэспубліцы Беларусь журналіста замежнага сродка масавай інфармацыі;

♦ для паездкі па прыватных справах:

запрашэнне, аформленае падраздзяленнем па грамадзянстве і міграцыі або інфармацыя ў замежнай установе ці УПІ МЗС ГКУ аб выдачы дакумента аб шматразовым запрашэнні іншаземца ў Рэспубліку Беларусь;

дакумент, які пацвярджае права ўласнасці / долі ў праве на ўласнасць на жылое памяшканне на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь, – для афармлення ўязной візы ўладальніку жылога памяшкання і членам яго сям’і;

дакументы, якія пацвярджаюць блізкае сваяцтва або шлюбныя адносіны з грамадзянінам Рэспублікі Беларусь (пасведчанне аб нараджэнні, пасведчанне аб заключэнні шлюбу, пасведчанне аб змяненні імя і іншае), – для выдачы ўязной візы члену сям’і ці блізкаму сваяку грамадзяніна Рэспублікі Беларусь;

дакумент, які пацвярджае факт нараджэння на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь або прыналежнасці да беларускай нацыянальнасці, – для выдачы візы іншаземцу, які нарадзіўся на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь або з’яўляецца беларусам па нацыянальнасці;

хадайніцтва аб выдачы візы, аформленае арганізацыяй аховы здароўя Рэспублікі Беларусь, з дадаткам дамовы платнага аказання медыцынскіх паслуг, – для выдачы ўязной візы іншаземцу, які мае патрэбу ў атрыманні медыцынскай дапамогі, якая аказваецца ў Рэспубліцы Беларусь, а таксама іншаземцу, які суправаджае такога іншаземца;

хадайніцтва аб выдачы візы, аформленае юрыдычнай асобай ці прадстаўніцтвам замежнай арганізацыі ў Рэспубліцы Беларусь, – для выдачы ўязной візы члену сям’і іншаземца, які суправаджае іншаземца, які накіроўваецца ў Рэспубліку Беларусь з мэтай ажыццяўлення дзелавой паездкі, для ўдзелу ў спартовых, культурных, навуковых, адукацыйных імпрэзах і стажыроўках, на працу;

заява грамадзяніна Рэспублікі Беларусь, подпіс якога засведчаны службовай асобай замежнай установы Рэспублікі Беларусь, упаўнаважанай на ажыццяўленне натарыяльных дзеянняў, – па рашэнні консульскай службовай асобы;

зварот (вербальная нота) дыпламатычнага прадстаўніцтва ці консульскай установы замежнай дзяржавы, прадстаўніцтва або органа міжнароднай арганізацыі ці міждзяржаўнага ўтварэння ў Рэспубліцы Беларусь, які змяшчае звесткі пра іншаземца, запытаную візу і асобу, якая запрашае, – для выдачы ўязной візы іншаземцу, які накіроўваецца ў Рэспубліку Беларусь у якасці госця акрэдытаванага ў службе дзяржаўнага пратакола МЗС кіраўніка або супрацоўніка такога дыпламатычнага прадстаўніцтва ці консульскай установы замежнай дзяржавы, прадстаўніцтва або органа міжнароднай арганізацыі ці міждзяржаўнага ўтварэння;

♦ на працу:

хадайніцтва аб выдачы візы, аформленае юрыдычнай асобай Рэспублікі Беларусь або прадстаўніцтвам міжнароднай арганізацыі, і засведчаная натарыусам копія спецыяльнага дазволу на права займацца працоўнай дзейнасцю ў Рэспубліцы Беларусь, выдадзенага падраздзяленнем па грамадзянстве і міграцыі;

хадайніцтва аб выдачы візы, аформленае юрыдычнай асобай Рэспублікі Беларусь або прадстаўніцтвам замежнай арганізацыі і атрыманая замежустановай Рэспублікі Беларусь інфармацыя аб выдачы іншаземцу спецыяльнага дазволу на права займацца працоўнай дзейнасцю ў Рэспубліцы Беларусь.

У асобных выпадках доўгатэрміновая ўязная віза можа быць выдадзена таксама пры наяўнасці іншых падстаў або іншых дакументаў візавай падтрымкі.

Версія для друку